Бондар Ганна Сцяпанаўна. Настаўнік пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі “Аздзяціцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Барысаўскага раёна”

Чалавек пакідае рознае: вершы, рэчы, сваіх дзяцей, кнігі, запісы, песні слёзныя, а настаўнік - проста людзей. І ацэняць яго, я думаю, па тых вучнях, што ў свет ён пусціў.
Сярод выпускнікоў Ганны Сцяпанаўны, (а гэта 6 выпускаў толькі ў Беларусі!) ёсць і настаўнікі, і прадпрымальнікі, і медыцынскія работнікі, і працаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў… няма толькі дрэнных людзей. Ацаніць такога настаўніка можна толькі на самым высокім узроўні.
Ганна Сцяпанаўна - чалавек з вельмі цікавым лёсам. Нарадзілася на Украіне, у маляўнічых Карпатах. Тут жа скончыла школу, потым Камянец-Падольскі педагагічны інстытут, факультэт пачатковых класаў. І тут жа пачала сваю працоўную дзейнасць. Лёгка не было, як прызнаецца сама Ганна Сцяпанаўна, але было цікава, праца прыносіла задавальненне.
Воляй лёсу маладая настаўніца апынулася ў вёсцы Аздзяцічы Барысаўскага раёна (пераехала на радзіму мужа). Колькі прыйшлося папрацаваць, перш чым навучыцца мове! Першы год працавала ў групе падоўжанага дня. Дапамагала дзецям рабіць дамашнія заданні і вучылася сама. Жаданне – гэта тысячы магымасцяў!!! А жаданне плённа працаваць было! З самых першых дзён Ганна Сцяпанаўна паказала сябе як таленавіты настаўнік, няспынны працаўнік і творчая асоба. Такой яна застаецца і зараз. У таленавітага настаўніка – таленавітыя вучні. Толькі прызёраў алімпіяды па розных вучэбных прадметах можна налічыць больш за 20! Разам з тым ёсць і пераможцы ў розных творчых конкурсах: Дыплом ІІ ступені абласнога этапу конкурса “Ты ў эфіры!”, перамога ў рэспубліканскім праекце “Віртуальная замалёўка “Мая родная вуліца””.
Акрамя гэтага Ганна Сцяпанаўна з’яўляецца кіраўніком школьнага музея. Яе цікавыя экскурсіі не пакінулі раўнадушнымі ні аднаго наведвальніка.
Адну з залаў музея ўпрыгожваюць сурвэткі-вышыванкі нашай гераіні.
Ні адно школьнае свята не абыходзіцца без відыяролікаў ад Ганны Сцяпанаўны. “Наша палачка-выручалачка” - так яе называюць у калектыве.
7 мая 2020 года Ганна Сцяпанаўна адзначыла свой 60-гадовы юбілей!
“Кажаце, старасць? Не, не чулі! Яна дзесьці там, за дзевяноста!” – так наша гераіня адказвае на пытанне аб сваім узросце. І даказвае свае словы справамі. Менш за ўсё свой вольны час Ганна Сцяпанаўна праводзіць у хаце. Паход у грыбы, ягады летам. Зімовыя забавы з унукамі. Падарожжы ў розныя куточкі Беларусі. Наведванне сваёй роднай Украіны.
Цікавым жыццё робіць сам чалавек! Пад такім дэвізам жыве Ганна Сцяпанаўна!
Многа ўжо зроблена, але столькі яшчэ трэба зрабіць! Жадаем поспехаў нашай гераіне ў гэтай справе.